Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларускім паэтам

“Паэт Расіі болей, чым паэт…”
Паэт на Беларусі двойчы болей!
Бо наша слова мае свой хрыбет,
Хрыбет нязломны: не прыгнуць ніколі!
Паэт Расіі славу адшукаў,
А беларускі талент ззяў з-за кратаў,
Маліў ён Бога, волю ён гукаў…
Такіх, як ён, у нас было багата.

Свядомасць выбівалі сотні год,
Нажаль, ва многім дасягнулі мэты,
Але не знік са свету наш народ,
Бо пабуджалі гонар наш паэты.
Яны прайшлі скрозь цемру і агонь,
Няслі нашчадкам залатыя словы,
Прайшлі скрозь наш народны страшны сон
І захавалі родную нам мову…

“Паэт Расіі болей, чым паэт…”
Паэт на Беларусі двойчы болей!
Старонкі забароненых газет
Няслі ў душу народа словы волі,
Што абудзілі колісь Беларусь,
Вялі яе да беларускай мэты,
Дапамагалі скінуць ўвесь прымус
Народу слову нашага паэта…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Беларускім паэтам - Кірыл Азімка