Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэт, дождж і вечар

Блукае паэт утрапёна
Пад моцным халодным дажджом,
Як быццам не мае ён дома,
I дом яго – дах парасона,
I вуліца мокрая – дом.

Блукае паэт з парасонам
Па горадзе ў штучным святле,
Між фарбаў рэкламы неоннай,
Ля вокнаў шматлікіх паўсонных,
Ля блікаў вячэрніх на шкле.

Блукае паэт з парасонам,
Праз вецер парыўны ідзе
I шэпча задумна й натхнёна
Пра лёс свой,
Пра час свой шалёны…
Брыдзе па гразі, па вадзе.

Блукае паэт утрапёна,
А следам за ім – чорны цень,
Нямая, глухая персона…
Уперадзе – ночы заслона
І новы, нязведаны дзень.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Паэт, дождж і вечар - Янусь Малец