Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэт-камікадзэ

Паэт-камікадзэ

Вымагае эпоха глынуць мухамораў сухіх,
каб зайсціся ў шчаслівым экстазе.
I на змену ямбічна-харэйнаму культу
прыходзіць паэт-камікадзэ.

Ён гатовы ўзарваць гэты свет састарэлы,
чуллівы і рытмізаваны,
і ідуць праз пустэльні стагоддзяў былых
дзёрзкіх вершаў яго караваны.

Бы павук – павуту, ён звівае са слоў маладых
чорна-белае дзіва.
Нібы з Нілу, з яго выплывае драпежна
зялёная здань кракадзіла

Да Венеры з аголеным станам,
што лашчыцца ў хвалях атласных.
Зараз шчоўкне зубамі – і кроў афарбуе сусвет
у вачах ашалелых і жарсных.

Рым стары задрыжыць, заімгляцца шляхі,
што вядуць да яго, і дарогі.
Засмяецца злавесна з глыбіняў прадоння
спадар казланогі –

Перамозе чарговай сваёй
і часова прыніжанай праўдзе,
калі крыкне ўласнаму лёсу: “Банзай!”,
нібы зомбі, паэт-камікадзэ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Паэт-камікадзэ - Мікола Кандратаў