Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР

(13.11.1806–23.12.1831)

Юная графіня, ты не хочаш танчыць,
Спакушаць мужчынаў і ўцякаць ад іх,
І не спаць начамі, зоркі ў небе бачыць,
Нібы россып кветак побач ног сваіх,
Бо не час для танцаў, бо твая Айчына
Больш трываць не можа здзеку чужакоў.
І няхай паўстанне– гэта шлях мужчынаў
Да прыснёнай волі праз агонь і кроў–
Ты яго абрала, нібы пакахала
Маладога воя, што аддаў табе
Пад тваё ўладанне і душу, і цела…
Завіруха ў лесе ноч усю гудзела,
Ля цябе спявала, плакала ў журбе.
Ну а ты шаптала горача малітву
І, як свечка, гасла на вачах сяброў.
Мы свой край не страцім, праіграўшы бітву,
Бо за волю края пралілася кроў,
І яна святая, як і ты святая
Для зямлі, якою заўтра станеш ты–
І ўваскрэснеш зоркай па-над нашым краем,
Краем, што аднойчы выйдзе з цемнаты…

19.07.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР - Віктар Шніп