Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВАЛЕРЫ МАСЛЮКА

(30.03.1953-26.08.2001)

На сцэне пустой зноў рыпяць палавіцы,
Як сосны старыя начамі рыпяць
Па-над інсургентам, якому не спіцца,
Якому нічога няма ўжо губляць
У гэтай вялікай і злоснай краіне,
Дзе сонца за кратамі, косьці ў траве,
Дзе родная мова знішчаецца, гіне
І, як інсургент, у самоце жыве.
І ты тут самотны прад сцэнай сваёю
Стаіш, нібы свечка, у зале пустой.
Што трэба людзям? Каб пляваўся крывёю
На сцэне няшчасны прыгожы герой
Ці жарты дурныя? Адказу не маеш,
Але сам прыходзіць праўдзівы адказ-
На мове матулінай вершы ствараеш
І ў вершах жыве наша мова і час,
Дзе мы беларусы не ціхія людзі,
А мы-еўрапейскі вялікі народ,
Які аніколі ўжо болей не будзе
Бяздольным, дурным і сляпым, нібы крот…
Ізноку на сцэне рыпяць палавіцы,
Як сосны старыя начамі рыпяць
Над сумным паэтам, якому не спіцца,
Якому тут ёсць, што любіць і губляць…

19.07.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ВАЛЕРЫ МАСЛЮКА - Віктар Шніп