Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш БАЛАДА КАСТУСЯ ЕЗАВІТАВА

(17.11.1893-23.05.1946)

У куце больш
не маю бажніц-
Мапа там. А на
ёй-Беларусь.

Кастусь Езавітаў

Не ў кожнага народа ёсць свая краіна,
Ды кожны хоча мець, як сёння маеш ты.
А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,
Губляючы яшчэ зялёныя лісты.
І разумееш ты, што ўсё не проста ў свеце
І кожны дзень, нібыта ўцёкі з ночы шэрай,
Дзе некаму і поўня, нібы сонца, свеціць
І дзе, як крэпасць, некаму яго кватэра.
А ты не можаш жыць схаваўшыся ад свету,
Ты беларусам адкрываеш іх багацце,
Дзе ёсць князі, музыкі, мастакі, паэты
І мова родная-як божы шлях да шчасця,
Да Беларусі той, якая толькі сніцца
Усім хто моліцца, каб Беларусь была
Краінаю, якою кожны ганарыцца
І ў ёй жыве, нібыта кропелькі святла,
З якіх сатканы словы Беларусь, Краіна,
Якімі сёння ганарымся я і ты…
А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна,
Губляючы яшчэ зялёныя лісты.

2.10.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА КАСТУСЯ ЕЗАВІТАВА - Віктар Шніп