Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш БАЛАДА ПЯТРА КРАЧЭЎСКАГА

(7.08.1879 – 8.03.1928)

Прага. Альшанскія могілкі. Светла
Сцежка вядзе праз гады і праз лета
Зноў да цябе, быццам бы да званіцы,
Дзе на каленях стаяць і маліцца,
Каб адзіноты, як гора, пазбыцца…

І забываецца ўсё, што чужое,
Шэрае, чорнае і залатое,
Помніцца роднае толькі, святое,
Дзе Беларусь пачыналася наша.
Вецер табе пра Айчыну раскажа
Тую, якую ты сніў і якая
Шлях свой знайшла і ў сабе зберагае…

Першае лісце дадолу злятае –
І ўжо сцяжына – змяюка жывая
Пад валуны не хаваецца болей.
Людзі жывуць, калі дыхаюць воляй,
І памірае краіна, якая
Мову народа, як сэрца, кідае
Чорнаму часу пад брудныя боты.

Не зарасце аніколі асотам
Тое, што ў сэрцах, што сэрцамі стала.
Ёсць Беларусь, і ўжо гэта – нямала,
Каб на Альшанскія могілкі светла
Сцежка вяла праз гады і праз лета
Зноў да цябе…

6.08.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ПЯТРА КРАЧЭЎСКАГА - Віктар Шніп