Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІХАЛА КАЗІМІРА РАДЗІВІЛА

(РЫБАНЬКІ)
(13.06.1702-15.05.1762)

У Княстве вялікім вялікія людзі
І ты сярод іх з беларускай душой
Вялікі і ў свята святое, і ў будзень,
Бо Княства, як сэрца, заўсёды з табой.

У парку нясвіжскім ва ўтульнай альтанцы,
Нібыта на пояс на слуцкі, глядзіш
На зоры, а ў замку да раніцы танцы
І, нібы тэатр, сёння цэлы Нясвіж
У цэнтры Еўропы, якая ваюе
І будзе яшчэ між сабой ваяваць.
Не войны, а мануфактуры фундуеш,
Бо грошы-не грошы, калі іх трымаць
У куфрах вялікіх Вялікага княства.
І тут ты шчаслівы, бо роднай зямлі
Свайго не шкадуеш жыцця і багатства…

Гады праляцелі, як і не былі,
Гады праляцелі, але засталося
Усё, што з душою і сэрцам рабіў
Для мілай Айчыны, дзе ў полі калоссе
Шапоча пра тых хто тут жыў і любіў
Вялікае княства, дзе добрыя людзі
Былі, ёсць і будуць з вялікай душой,
І Княства вялікае вечна тут будзе
У кожнай травінцы, пясчынцы малой…

10.06.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІХАЛА КАЗІМІРА РАДЗІВІЛА - Віктар Шніп
«