Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ІВАНА ХРУЦКАГА

(8.02.1810-13.01.1885)

Ты з ланцужком прыгожым, залатым
Ад імператара гадзіннік маеш.
Але ланцуг ніякі не ўтрымае
Цябе, каб на радзіму заўтра ты
Вярнуўся і застаўся ля крыжоў
Бацькоўскіх, і ля Полацка свой дом
Пабудаваў, каб полацкім святлом
Жывіць сваю душу і маляваць ізноў
Партрэты, нацюрморты, на якіх
Наш родны свет багаты і святы,
І сумны, як пражытыя гады,
Што праляцелі, як адзіны міг…

І ўжо-сям’я, маёнтак і спакой,
І ты нікога бачыць не жадаеш.
І, як валун травою зарастае,
Цяжэеш ты самотай незямной,
Але не ад таго, што ўсё міне
І не паўторыцца ўжо больш ніколі,
А ад таго, што прычакацца волі
Усе не змогуць, воля-не ў віне,
Яна ў крыві павінна быць і з ёй
У сэрцах кроў становіцца жывой.

І ланцужок прыгожы, залаты
У прыдарожны пыл кідаеш ты…

7.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ІВАНА ХРУЦКАГА - Віктар Шніп