Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ІВАНА ШАМЯКІНА

(30.01.1921-14.10.2004)

Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,
Дзе жніўнае святло, нібы сляза,
І поўня ў небе, як свінцовы злітак…
Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць
Хапае што і ёсць каму паслухаць,
І гэта ноч, як вечная рака,
Якую п’еш, а ў роце суха-суха,
І, як крыло зламанае, рука
Не можа адагнаць туман, што блізка
Плыве з тых дзён, якія адыйшлі,
Дзе мама маладая над калыскай,
Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,
Што клічуць за сабой і горка плачуць,
Бо ведаюць-пражыта ўжо жыццё
І хто ты ёсць яны з нябёсаў бачуць,
І падае, нібы агонь, лісцё
Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,
Бо верылі і верым, што сляза
Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,
А на Шляху даўно стаіць Марыя,
Празрыстая, як на крыжы раса…
Жыццё пражыта, бы пасеіў жыта
Азімае, дзе хутка ляжа снег,
Як россып белых-белых маргарытак,
І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх
У новы дзень, дзе сонца маладое
Асвеціць нам дарогу да вясны…

15.10.2004

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ІВАНА ШАМЯКІНА - Віктар Шніп