Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АЛЕСЯ АСТАШОНКА

(1.06.1954-6.09.2004)

Учора-бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі.
І нельга вярнуцца з Учора,
Калі човен твой разбурылі,
Спалілі ў самотнай далечы.
Твой попел прынеслі дамоў,
Нібыта сказалі, што вечны
Адзін толькі попел. Любоў-
Віно, і яно ў час вясёлы
І п’ецца і льецца ракой,
І круцяцца жорны і колы,
Ды словы, як лісце зімой,
Звіняць на вятры адзінока
Пад небам, нібыта пад шклом,
Дзе месяц, як д’яблава вока,
Гарыць спакушальным агнём
Вярнуцца хоць попелам стылым,
Хоць снегам, што ў ноч на дамы
Зляціць з-пад аблок белакрыла,
Каб раптам успомнілі мы,
Што Ўчора-бяздоннае мора,
Куды адплываем штохвілі,
І нельга вярнуць нам з Учора
Нічога, што ўчора любілі.

14-15.09.2004

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш БАЛАДА АЛЕСЯ АСТАШОНКА - Віктар Шніп