Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА

(каля 1810-1900)

Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,
Рамантык, інсургент, мастак, паэт,
І прад табою край твой-не пракляты,
А любы, нібы з васількоў букет,

Што ты паклаў на сцежку інсургентаў,
З якімі волю для людзей шукаў.
Крывёй за волю плацяць-добра ведаў
І ты сваёй крыві не шкадаваў.

І хоць было разгромлена паўстанне
Ты не адрокся ад былых дарог,
Бо Беларусь-не кветка, што век вяне,
А Храм любові, дзе жыве Пан-Бог,

Дзе ўсё сваё: і песні, і легенды,
І мова, без якой загінем мы,
Як без людской спагады інсургенты
Сярод завейнай лютае зімы.

І будзеш сніць Парыж і Лондан шэры,
Дзе ты і сёння мог спакойна жыць
І не палохацца ад стуку ў дзверы,
Бо за дзвярамі, як ваўкі, віжы.

Напішаш ты пра родны край балады,
Дзе пра любоў сваю не прамаўчыш.
Праз трыццаць год вяртаешся дахаты,
Нібыта ўчора з’ехаўшы ў Парыж…

10.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА - Віктар Шніп