Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА РАМУАЛЬДА ЗЯНЬКЕВІЧА

(1.02.1811-11.09.1868)

Сярод начы, як выбух, навальніца.
І ты прачнуўся, каб перахрысціцца,
І, падышоўшы ў цемры да вакна,
Глядзіш у дождж, які нібы сцяна,
Па-за якою курганы Айчыны,
Дзе белыя бярозы і рабіны
Чырвоныя, як нашых продкаў кроў.

Ты па Айчыне сто дарог прайшоў
І песні беларускія збіраў,
Дзе золата палёў, і водар траў,
І пыл дарог, і дым начных кастроў,
І слёзы, і каханне, і любоў…

Зноў гром грыміць, бы коціцца каменне
Разбураных фальваркаў, дзе, як цені,
Паўстанцы Каліноўскага начуюць.
Маланкі неба чорнае лупцуюць,
І рассыпаецца дажджу сцяна.

Айчына сумная, але яна
Адна для ўсіх хто тут жыве і будзе,
Як ты жывеш, ды гром не ўсіх тут будзіць
Сярод начы, сярод Айчыны мілай,
Што хутка стане і тваёй магілай…

17.08.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА РАМУАЛЬДА ЗЯНЬКЕВІЧА - Віктар Шніп