Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш БАЛАДА СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА

(2.04.1885–27.11.1938)

…Жыццё– не каляровы сон, кроў– не вада,
І гэта сёння добра разумееш ты.
Як пальцы ў кулаку, людская грамада,
Калі адна ёсць мэта ў цэлай грамады.

А мэта– жыць у беларускай грамадзе
На роднае зямлі, якую даў нам Бог.
Тут зоры, як у небе, у рачной вадзе,
Тут вечна студні і крыжы каля дарог.

“Што заслужылі, тое атрымалі мы…”–
Гаворыш ты і чуюць Салаўкі твой крок,
І сочыць за табою вартавы, як воўк,
Каб ты не ўцёк у белы акіян зімы.

Ты не ўцячэш, ты вернешся ў радзімы край,
Ужо там кулю для цябе рыхтуе кат.
Радзіма– сонца вечнае і вечны рай,
Калі глядзіш ты на Радзіму не з-за крат.

Ты ў грамадзе. І голас з неба чуеш ты:
“Хто з вас гатоў агонь зімы стушыць
крывёй?..”
І першым выйшаў ты спакойна з грамады,
І, выйшаўшы, застаўся з грамадой.

18.08.07

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА - Віктар Шніп