Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КАРУСЯ КАГАНЦА

(10.02.1868 – 20.05.1918)

За родную краіну, звычай і мову,
за гонар груддзю ўставайце.
К. Каганец

…І турма на зямлі на бацькоўскай – турма,
І зіма на зямлі на бацькоўскай – зіма.
І ты пішаш пра волю, нібыта гарыш,
І малюеш, нібыта да сонца ляціш
І вяртаешся, светлы, назад на раллю,
Каб шаптаць, як малітву: “Айчыну люблю…”

Хто пачуе цябе – той убачыць вясну,
Як ты бачыш цяпер прад сабою сцяну,
На якой, як на лёдзе, расколін галлё
Разрастаецца…
І ўжо не стане быллём
Васілёк, што самоціцца ў жыце тваім
Без цябе, без тваёй маладой грамады,
Для якой родны край – гэта Дом, а не дым,
Не туман над прасторам балот і вады.

І ты выйдзеш на волю, нібыта згарыш
І нібыта да сонца адзін даляціш,
І ўпадзеш, і падымешся ў вершах сваіх
За Айчыну, якую любіў кожны міг
І за доўгія зімы, дзе снег, як патоп,
І за песні, і плач, за ўтравелы акоп,
Дзе змяшалася кроў і сваіх, і чужых…

14.04.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА КАРУСЯ КАГАНЦА - Віктар Шніп