Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА

(16.08.1874–11.03.1941)

Ужо далёка Менск, далёка Вільня,
А сонца ўсё няма і ўсё няма,
І быць не можа сонца, бо зіма
Па-над тваёй дарогаю магільнай
Аблокі прымарозіла да зорак
І замяла каля дарог крыжы.
Старыя вулкі Вільні– гэта ўчора,
Учора– гэта радасць на душы
З таго, што на адной канапе сесці
Нам, беларусам, не хапае месц.
Учора– гэта менскія прадмесці,
Газеты і часопісы, дзе змест
Наш беларускі і адвечна горкі,
І родны, як Вілейскія пагоркі,
Дзе вырас ты, каб Беларусь была,
Як сонца ёсць па-над тваёй душою…

А сёння снег, як попел ад святла,
Ляжыць наўкол спакойна прад табою,
Бо што яму, што любіш ты Айчыну
І што яе бяда– твая бяда.
Жыццё людское– вечнасці хвіліна,
Дзе кроў твая жывая– не вада,
Што размывае родныя прасторы
І новых дзён святую чысціню,
Дзе знікне ўсё, як у бязмежным моры,
Але не знікнуць Божаму агню
І Беларусі, да якой мы дойдзем
Няхай хоць і праз цэлае стагоддзе.
Цябе ж вязуць, а сонца ўсё няма,
І быць не можа сонца, бо зіма
І Менск далёка, і далёка Вільня,
І зоркі над дарогаю магільнай,
Нібы вуголле, дзе была турма…

24.10.2007

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА - Віктар Шніп