Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА АСКЕРКІ



(1830-11.01.1911)

…Зноў крыж прыдарожны дарогу вартуе,
А ў садзе і ў свеце шуміць ліставір.
Маёнтак, дзе ты нарадзіўся, сумуе,
Бо ты, як паўстанец, сасланы ў Сібір,
Дзе ўсё незнаёмае і ўсё чужое,
Халоднае, быццам закутае ў лёд.
А зоркі ў нябёсах, нібы пад вадою
Каменьчыкі ў рэчцы, кудою ты ўброд
Хадзіў да каханай, якая чакае.
І вернешся ты да людзей праз гады,
Каму Беларусь паланянка святая,
Якая без волі загіне, як ты
Без любай Айчыны, слабы і маркотны.
Але табой створаны будзе буквар
Вучыць любіць край свой адзіны і родны,
Дзе кожны тутэйшы – зямлі гаспадар,
Бо ў гэтай зямлі наша кроў спакон веку,
Таму аніколі нікому яе
Забраць не дадзім, і шумяць нашы рэкі
Пра гэта, й пра гэта салоўка пяе.
А крыж ля дарогі ссівее і ў травы
Ад ветру ўпадзе, як паўстанец – ад куль.
І будуць Айчына, і гонар, і слава,
Пакуль тут такія, як ты, ёсць. Пакуль…

15-18.05.2010





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА АСКЕРКІ - Віктар Шніп