Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЦЭЛЯСТЫНА ЦЭХАНОЎСКАГА

(1835-10.01.1906)

Улада чужая сама не пакіне
Твой край, у якім ёй, як дома, жывецца.
І край твой ніколі не стане краінай,
Калі тут за волю крыві не пральецца.
І будзе паўстанне, рыхтуеш якое
І ты з Каліноўскім, што сніць перамогу,
Бо ваша змаганне за волю-святое
І вы не адны, а вас многа і многа,
Як зорак у небе, валошак у жыце,
Але і чужынцаў, як вошай, хапае,
Таму не спіце вы ў лясах – і не спіце,
Бо ўлада чужая не спіць, а страляе,
Хапае людзей, і цябе-не мінае.
Cуцеха – заместа расстрэлу – чужына,
Якая цябе забярэ назаўсёды
Ад любай матулі, каханай дзяўчыны,
Ад беднай, але ўсё ж ад роднай басоты,
Якая чужынцам не здасца дарэшты,
А будзе выходзіць у людзі, змагацца,
І хоць у Сібіры далёкай памрэш ты,
Але з Беларуссю табе не расстацца,
Як з верай у лепшае ты не расстаўся,
Калі ты за волю з чужынцам змагаўся
І быў галавой вальналюбнай Гародні,
Якая цябе, прыйдзе час, ды й успомніць…

А покуль завея сляды замятае,
А покуль трава на слядах вырастае…

6.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЦЭЛЯСТЫНА ЦЭХАНОЎСКАГА - Віктар Шніп