Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯЎСТАФІЯ ТЫШКЕВІЧА

(18.04.1814-8.09.1873)

Устаўшы рана, зноў зямлю капаеш,
Ды ў курганах сівых не клад шукаеш,
А-Беларусь, што тут была і будзе…

І дзівяцца з цябе, смяюцца людзі,
Бо ты хоць граф, ды нейкі незвычайны-
Палямі ходзіш, берагамі Гайны
І просіш песню праспяваць старую
Ці казку расказаць, і ўсё натуеш,
Збіраеш рэчы для свайго музея…

У Вільню з’едзеш і Лагойск сцішэе,
Нібыта думаць пра цябе ён стане.
А ў родным краі, як пажар, паўстанне
І твой музей-як для пажару вецер…

Яшчэ самотна жыць у гэтым свеце,
Бо твой сусед баіцца, што ты здольны
І без ягонай ласкі жыць прыстойна…

“Музей закрыць! Забараніць, бо шкодны!”-
Загад вышэйшы. І ты ў краі родным
Жывеш, нібы чужы, людзьмі забыты.
Ды сонца, як тваёй любові злітак,
Усходзіць над зямлёй, што ты капаў,
Дзе ў курганах сівых не клад шукаў,
А-Беларусь, якая ёсць і будзе…

18.04.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЯЎСТАФІЯ ТЫШКЕВІЧА - Віктар Шніп