Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ТЫЗЕНГАЎЗА

(3.06.1786-16.03.1853)

Чырвоная цэгла, нібыта з крыві
Людзей беларускіх, якія Айчыне
Жыццё аддавалі, казалі: “Жыві…
А будзе Айчына, то й нас не пакіне
Жыццё, дзе замешана ўсё на крыві.”

Будуеш не замак, будуеш музей,
Дзе тысячам птушак Вялікага Княства
Маўкліва-пытальна глядзець на людзей,
Якія захоплены вечным змагарствам
За грошы, за места, дзе будзе цяплей.

Малюеш, купляеш карціны і кніг
Навёз ты ў маёнтак з Парыжа, з Варшавы,
Каб кожны, хто хоча чытаць, чытаў іх
І ведаў, што родныя нашы Паставы-
Таксама Еўропа для нас, не чужых…

Хлапчына віхрасты глядзіць праз вакно
На кнігі, на птушак Вялікага Княства.
Ён вырасце хутка, і будзе ізноў
Наш край не балотам, а краем бунтарства,
Дзе нельга панішчыць да краю любоў…

24.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ТЫЗЕНГАЎЗА - Віктар Шніп