Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ГЕНРЫКА ДМАХОЎСКАГА

(14.10.1810-14.05.1863)

Палын… Пажарышчы… Магілы… Груганнё…
Але жыве твой край! Ён па сцяжынках слёз
Прыйшоў у сэрца, у якім цвіце агнём
Твая любоў да васількоў і да бяроз,
І да людзей, якія марамі жывуць
Аб волі, да якой вядзеш іх сёння ты
Праз кроў паўстання і астрожную траву,
Вядзеш да Беларусі, нібы да вады
Жывой, не забываючы ў краях чужых
Ні таленту свайго, ні цёплых родных слоў,
Якімі саграваў і саграеш усіх,
Каму вышэй за ўсё да родных ніў любоў.
І, памяняўшы прозвішча, ты не змяніў
Сваіх вачэй, што бачылі і бачаць свет
І край азёр, і пастушкоў агні,
Што нібы кроплі сонца, дзе вясна жыве…

…Ізноў паўстанне і ты першым рвешся ў бой
І першым падаеш на рукі маладых,
Якім ісці было не страшна за табой,
Якім стаў першым твой апошні ўздых.

17.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ГЕНРЫКА ДМАХОЎСКАГА - Віктар Шніп