Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маю гонар, бо маю свае карані

* * *

Вадзіму Клімовічу

Маю гонар, бо маю свае карані,
маю глебу, з якой прараслі яны ў сэрца,
маю кола сяброў і далёкай радні
на балотнай зямлі, што радзімай завецца.

Маю мову – на ёй гаварыў мой народ,
хоць з нядаўняй пары і не надта гаворыць –
гэта мова, як кроў у аортах дарог,
пазайздросціць яе мілагучнасці вораг.

Маю веру, што лёс прасвятляе да дна, –
у адзінага існага светлага Бога.
Маю мару пра тое, што можа з’яднаць
гэты край пад сузор’ем-крылом Казярога.

Маю досвед кахання, і памяць яго
над зямлёй узвышае да гэтага часу…
А пра гора, пра страты, пра згаслы агонь
і пра боль не чакаю ад Бога адказу.

Хто мы ў гэтым віры? Ваяры – змагары
з легіёнамі зла, што наш свет не скарылі.
Воі ў Боскай дружыне – ідзём на прарыў
з пракаветных часоў Аркаіма і Крыўі.

І калі я ўжо меч не ўтрымаю ў руках,
у апошні свой міг зноў душой узгадаю
гэта шчасце: мець веру, мець мову, мець шлях,
калі нават нічога я болей не маю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Маю гонар, бо маю свае карані - Мікола Кандратаў