Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯНІНЫ КАХАНОЎСКАЙ

(26.11.1909-16.07.2005)

Па Манхэтане гоніць лістоту
Вецер сумны, як сумная ты.
І не любіш сваю ты самоту,
І будуеш з лістоты масты
На радзіму, дзе гэткая ж восень,
Ды яна без цябе, як пажар,
У якім пачарнелая восець,
Нібы Ноеў Каўчэг сярод хмар,
Адзінока плыве, не знікае,
Бы чакае цябе, каб і ты,
Як пчала, што адна й залатая
Ною несла свой мёд залаты,
У якім ёсць любоў і ёсць вера,
Без якіх не прадоўжыцца род
І святочным не стане дзень шэры,
І вадою не зробіцца лёд
На рацэ нашай вечнасці слёзнай,
У якой не патоне Каўчэг,
Бо тануць яму сёння не можна,
Бо у ім Беларусь… Заўтра снег
Пазасыпле апалае лісце,
Быццам бы залатое святло
Снег прытушыць, якое калісьці
За табою сюды прыплыло,
Дзе ідзеш у свой лёс, маладая,
І табе сёння не сумаваць,
Не сумуе ж пчала залатая,
Паляцеўшы ў свет мёд сабіраць…

14.07.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЯНІНЫ КАХАНОЎСКАЙ - Віктар Шніп