Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КУЗЬМЫ ЧОРНАГА

(24.06.1900–22.11.1944)

Зноў турэмная камера сніцца,
Як труна, у якой ты жывы.
А на вуліцы не навальніца,
А вайна каля самай Масквы.
І не можаш ніяк ты прачнуцца,
Каб, як кокан матыль пакідае,
Так пакінуць турму і вярнуцца
У дзяцінства, дзе мрой залатая
Павуціна плыве над табою
І, знікаючы ў мінскай турме,
Рассыпаецца чорнай журбою
Па Айчыне, нібы па зіме,
У якой ты не можаш ні ўспомніць
Непрыгожыя кветкі крыві
І штыкоў зледзяенелыя промні
За вакном, дзе шчэ шэпча: “Жыві…”
Адзінокая шэрая ліпа.
І жывеш ты і знаеш– не сніш
Гэты лёс, што табе, як снег, выпаў,
Дзе ў табе твой хрыбет, нібы крыж…

30.10.2007

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА КУЗЬМЫ ЧОРНАГА - Віктар Шніп