Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ТАМАША ГРЫБА

(19.03.1895-25.01.1938)

Рыцар беларускае свабоды…
Польскіх турмаў неспакойны вязень…
З Залатою Прагай-назаўсёды,
Хоць не думаў ты памерці ў Празе.

Ты ж хацеў, каб і твая Айчына
Стала еўрапейскаю краінай,
У якую можаш ты вярнуцца
І не знікнуць, як знікае дзень
У нябёсах, быццам у вадзе
Чорнай, дзе русалкі не вядуцца,
А жыве ўсялякая брыдота,
І Айчына, як у дождж балота,
Колькі год табе, нібы чужая,
Ды травінкай кожнаю жывая,
Родная, а родную з балотам
Параўнаць-патрэбна абармотам
Урадзіцца ці зрабіцца ім…

Па-над Прагай хмары, нібы дым,
І глядзіш ты ў хмары і там бачыш
Беларусь, з якой ты сёння плачыш
Па людзях, якія да свабоды
Не дайшлі, ды з намі назаўсёды
Засталіся, як з табой Айчына
Засталася, каб не стаць чужынай.

8.09.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ТАМАША ГРЫБА - Віктар Шніп