Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА

(1470(?)-1533(?))

Не спіш. На паперу кладзецца лаціна
Густая, прыгожая, як павуціна,
Што жнівеньскі вецер нясе над табою
І па-над Дняпроваю стромай крутою,
Дзе сосны стаяць, як у Рыме калоны.

Ты песню пра зубра складаеш для Боны,
Для цэлай Еўропы, якая ваюе
І родныя хаты, і замкі руйнуе,
Нібыта ў знішчэнні ратунак народам,
Якія ў няволі, як рыба пад лёдам.

Ты песню складаеш пра веліч Радзімы,
Дзе леты кароткія, снежныя зімы,
Дзе ранак збуджаюць зубрыныя рыкі,
Дзе мужныя людзі і Вітаўт Вялікі,
Дзе ў кожнай расінцы паэзія днее,
Дзе родная мова, як сонейка, грэе.

І ты ўсё не спіш і ўсё вяжаш лаціну,
Нібы ўратаваць песняй зможаш краіну,
Што княствам Вялікім завецца стагоддзі
І сёння, як лета, паціху сыходзіць,
І сыдзе не хутка, але-не мінуча.
Ад гэтага сэрцу балюча-балюча.
І кожнае слова тваё, як слязіна,
І ў кожнай слязіне жывая Айчына.

1.04.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА - Віктар Шніп