Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада пра душу паэта

На той зямлі, дзе вечна быў няўрод
І лютавала злыбедная сіла,
Праз сотні згубных і знябытных год
Паэтава душа закаласіла.

На пустцы той – счужэлай, нежывой,
На гонях тых – бяскроўных, скамянелых –
Змог моц узяць расток з зямлі сваёй
І выбіцца з-пад скіб, ужо скалелых.

Сярод згібелай стыні і пяскоў,
На шэрым абязлюднелым абшары
Душа паэта вынікла з акоў
Зямной і небнай неадступнай кары.

Адрынуўшы прысуды і грахі,
Зняможліва, адчайна, ускрыжова
На белы свет – знямелы і глухі –
Прабілася паэтавае слова.

Знядужы люд зацята ўсё маўчаў
Пад ношаю свайго наканавання
І не пачуў, не згледзеў, не спазнаў
Душы ўваскрослай цёплае дыханне.

Паўсюль стаяла страшная мярцвень,
І ў гэтай беспрасветнасці цярновай
Як заклік, як малітву – з дня на дзень –
Душа паэта прамаўляла слова.

Калі ж яму не ўдасца ўратаваць
Сусвет, што зыдзе ўвесь на пацяруху,
Жывое слова зможа сведкам стаць
Няўмёрласці ўваскрошанага духу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада пра душу паэта - Валеры Максімовіч