Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Памятаеш, мы пісалі вершы на паперы

Памятаеш, мы пісалі вершы на паперы?
калі яшчэ не існавала сымбаля новай веры –
планшэта, калі мы не губляліся ў Сеціве,
а крэмзалі ў сшытках: “Быццам квецце –
яе ўсмешка…”

Час пульсуе ў скронях
знішчае рэчаіснасць, на далоні
застылі зморшчыны – здаецца, што ніколі
не меў ты скуры іншай, і ўсё толькі
адгэтуль пачынаецца.

Прастора –
не фотаздымак, а гульня актора
ў характары, асобы і настроі,
гуляе ў ролі і Гасподзь, патроіў
ён час на сёння, заўтра і ўчора,
а дзень – на белае, ружовае і чорнае
час не шкадуе ні знутры ні звонку –
ён перагортвае старонку за старонкай
жыццё.

І вось ужо зусім не на паперы
мы пішам вершы… Толькі хтосьці ў дзверы
пагрукаў. Я гляджу ў вочка –
Там мой двайнік стаіць з паперай моўчкі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Памятаеш, мы пісалі вершы на паперы - Аркадзь Брут