Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я за тое

Калі спрэчкі заходзяць,
Які будзе заўтрашні дзень,
Я кажу пры пагодзе:
– Такі, як у добрых людзей.
Я за тое, каб жыў у хаце
Хлебны водар і душы лячыў,
Каб спявала над люлькаю маці,
А не роў транзістар-айчым…
Каб уласныя дзеці
Зналі ў твар уласных бацькоў,
Каб у нас, а не дзесьці
Судзілі пажадлівых халасцякоў.
Каб і духам, не толькі целам,
Мы ў спорце майстрамі былі,
Каб унук мой не бег звар’яцела
Забіваць галы за рублі…
Я за тое, каб сорам,
Нарэшце, даняў гандляроў,
Каб не плакалі хорам,
Што ўчора жылі – будзь здароў!.
Каб прыроду і чалавека
Не раздвойваў прагрэсу клін,
Каб да вусця, вольныя, рэкі,
А не ўверх, над канвоем, цяклі.
Каб ад холаду май не бегаў
Пазычаць у снежня кажух,
А каб Новы год быў са снегам
I ад нудных дажджоў не глух.
Я за тое, каб вораг
З пацалункамі заўтра не лез, –
Хай ён там застаецца – ва ўчора:
Злая сіла – на цёмны лес…
I каб дзверы замкоў не зналі,
А замкі не шукалі дзвярэй,
Каб мы ўсе хоць крышачку сталі,
Хоць на кроплю, шчырэй і дабрэй.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я за тое - Васіль Зуёнак