Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дываны цёці Гені

І зараз вока радуюць яны,
Праз вёсны лашчыць слых матыў дзівосны:
Як цёця Геня ткала дываны,
Здавалася, што з ёй спяваюць кросны!

Лажыўся гожа на аснову ўток,
І ўзор за ўзорам клаліся удала…
Дагэтуль сонца з поўняй у вакно,
На іх палюбавацца, заглядаюць.

Нагадваюць яны стракаты луг,
Куды за ўзяткам пчолы прыляцелі,
Таму і сёння аж займае дух,
Як імі засцілаю я пасцелі!

Калі ж іду, дзе бегаў я змаля, –
Цвітуць мае шчаслівыя імгненні, –
Купальскім лугам, –
Родная зямля
Заслана дыванамі цёці Гені…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Дываны цёці Гені - Станіслаў Валодзька