Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Помніце, як птушкі грыбнікам высвіствалі

Помніце, як птушкі грыбнікам высвіствалі
I пра неруш песні на прамень нанізвалі?..
А як пруцца – бачылі – напралом з транзістарам,
А калі пры сіле – нават з тэлевізарам?..
Ці музычны момант? Ці музычны молат?
Ці то землятрусы музыкі бушуюць?
Хто тут разбярэцца, як займае мову…
А пачнеш гукацца – сам сябе не чуеш…
Вось дзе ў лесе радасці – і звярам, і птушкам!
Гнуцца лозы долу, і сасну хістае.
Дуб, хоць глухаваты, а прасіў заглушкі
Дзятла на ўсе вушы да зімы паставіць.
Аб грыбным сезоне ў прыгараднай зоне
Завываюць трубы і трамбоны гаўкаюць…
З гаю выбягаюць: “Дзе схавацца сёння?!” –
Нават мухаморы з бледнымі паганкамі.
Д’ябальскай арцеллю ВІА вар’яцее,
Аб камлі магутныя б’ецца какафонія,
У травінкі кожнай – дрыжыкі па целе,
Гоніць зайца ў вёску дзікая агонія.
Можа, тут прытуліцца,
Можа, тут схаваецца, –
Пасядзіць на вуліцы
З дзедам на завалінцы?..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Помніце, як птушкі грыбнікам высвіствалі - Васіль Зуёнак