Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А птушкі знікаюць

А птушкі знікаюць…
Не верце
Паклёпніцкім слухам такім.
На стомленых крылах праз вецер
Вяртаюцца з поўдня гракі.

Навошта у верш прывалок я
Вясёлае племя гракоў?
Па вушы, па вочы, па локці
Мяне засмактаў неспакой.

Мне блага з-за нейкіх падманаў,
I тупае злосць за сцяной.
Імгла сакавіцкім туманам
Стаіць між табою і мной.

I я ўжо бажуся: забуду
I нават у сне не прысню
Сваю дарагую зануду,
I праўду яе, і хлусню…

Пасля каламутных мяцеліц
Мы ўдвух ля акна памаўчым
I скажам: “Гракі прыляцелі…”
Саўрасаў, ты тут ні пры чым.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш А птушкі знікаюць - Пiмен Панчанка