Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Гуканне вясны

На аселіцу да гаці
Выйшаў люд вясну гукаці,
Каб вясна дзесь не блудзіла,
А на голас прыхадзіла.

Каляровыя тут стужкі,
Птушкі спечаныя з цеста, –
Каб хутчэй з-за мора птушкі
Прыляцелі з добрай весткай.

І стараюцца дзяўчаткі, –
Радасць свеціцца ў вачах іх, –
Так пяюць вяснянкі-песні,
Што прачнуўся ветрык весні!

– Гу-у-у!

За ваколіцай ля гаю
Й я вясну сваю гукаю.
Я хачу, як і ў сямнаццаць,
Са сваёй вясной спаткацца.

З ёй, красуняю, сустрэцца,
Ад яе вачэй сагрэцца,
Каб пралескамі, як колісь,
Прарасталі слоўцы з сэрца.

Ў родным краі, ў чулым гаі
Доўга рэха замірае…
I я веру, што шукае
I мяне вясна гукае:

– Гу-у-у!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гуканне вясны - Станіслаў Валодзька