Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мір, аблокі мае

Мір, аблокі мае,
Дзеці вечных лятункаў,
Мір вам, белыя птушкі
Надзей.
Я прашу ў вас, аблокі,
Малю паратунку,
Як у зёлак бабуля
Ад нядобрых людзей.

Мір вам – сёння і заўтра,
Залётныя госці,
Да нябёс узнімайце
За паглядам пагляд.

Хто вітаецца з вамі,
Той не ведае злосці,
Хто глядзіць вам услед,
Той не выспеліць звад.

He грызуць таму сэрца
Нi зайздрасць, ні хцівасць…
Слава мудрай бязмежнасці
I цішыні!..
Памагай нам, бяскрылым,
Палёт зіхатлівы,
Сэнс высокі адкрыць
У зямной глыбіні.

Я не самнамбуліст,
На карніз крутабокі
Ноччу месячнай
Мне не карціць –
Я іду па зямлі,
Хворы вамі, аблокі,
З вамі, з вамі
Душа ляціць.

Хай на ростанях часу
Зябка снежыцца студзень –
Крылы ў травень нясуць
Праз начэй каламуць.
Адцвітаюць на яблынях пчолы,
А ў грудзі
Аблачынкі, як светлыя вёсны,
Плывуць.

I раблю я, напэўна,
Вельмі смешныя рэчы
(Ледзь не ў ступе
Таўку ваду!):
Я з наіўнасцю
Думы
На шляху чалавечым
У выбоіны моўчкі кладу.

– Вам не дрогка? – пытаю. –
Параўнела дарога?
Хай на шчасце яна –
Як сувой…
Ну а мне гэта ўсё
Каштавала не многа:
Аблачынка маленства
Над галавой.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мір, аблокі мае - Васіль Зуёнак