Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Людзі ў цяльняшках

Людзі ў цяльняшках
Лідскім маракам прысвячаецца

На “палубе” мічман чакае ўсіх “нашых”.
Традыцыя – без перамен.
На беразе возера людзі ў цяльняшках
збіраюцца ў Дзень ВМФ.

Для іх сёння іншыя час і прастора.
Камандуе зноў капітан.
Для іх сёння возера – Чорнае мора,
а можа – і сам акіян.

Зноў кожны з іх ходзіць па палубе чыстай –
марак ад вушэй да наскоў.
Ваенна-марскі сцяг узняты ўрачыста
над гладдзю азёрна-марской.

“За тых, хто ў марах”, па тры чаркі асушаць
і флоцкія ўспомняць дзянькі
матросы душою і мічманы ў душах,
жывуць успаміны ў якіх.

Успомняць аб днях рамантычных і цяжкіх.
Трывалы марскі іх саюз!
На беразе возера людзі ў цяльняшках
прыгадваюць службу сваю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Людзі ў цяльняшках - Алесь Мацулевіч