Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калі б наперад людзі ведалі

Калі б наперад людзі ведалі
І тое загадзя спазналі,
Што іх чакае ў Дамадзедаве
Ў гаротным аэравакзале!

Яны бы планы перайначылі,
Змянілі б рэйсы і маршруты,
Каб іх на бойню не прызначылі –
На паляванне смерці лютай.

Прылётаў зала… Люд чакаючы…
Страшэнны выбух… Груды целаў…
Падлогу кроўю заліваючы,
Балюе д’ябал звар’яцелы.

О, душагубы! Каты подлыя!
Няўжо вы тут, у гэтым пекле?!
А мо жывыя і свабодныя,
Агульнай жудасці пазбеглі?

Ці вам пляваць на ўзрывам зваленых?
Нашто так, нелюдзі?! Навошта?!
Пачуйце крыкі, стогны раненых!
Ці іх жыццё не мае кошту?!

Навокал – нечыя каханыя.
Яны жылі, любілі ўчора,
А сёння – доля акаянная –
Спазналі смерць. Якое гора!

Даўжэе спіс людзей загінуўшых.
Бічуюць жорсткасцю навіны.
О, Божа! Дай астатнім сілушкі,
Каб перажыць, каб не загінуць!

Каб пахаваць на гора-выплаты
Бацькоў, мужоў, каханых, дзетак.
Каб адрыдаць, ды ўсё не выплакаць…
А кветкі, кветкі… Колькі кветак!

Ля іх – жанчыначкі ўчарнелыя,
Мужчыны, дзед слязу ўцірае:
“Хай вас, вар’яты азвярэлыя,
Гасподзь магутны пакарае!”

Хай пакарае! Ды не мілуе!
Няхай за ўсё яны адкажуць!
Падумаць страшна, людцы мілыя,
Чаго ўзамен ім Бог адважыць.

28.01.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Калі б наперад людзі ведалі - Таццяна Дзям'янава