Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Людзі лета з палеткаў пазвозілі

Людзі лета з палеткаў пазвозілі,
Гул гарачых матораў заціх…
Асцярожна хадзіце па восені,
Па завулках яе залатых.

Хай палае няяркі агеньчык
Кожнай кветкі ў халоднай траве.
Покуль сівер наўкол не заенчыць,
Спелы пах над зямлёю плыве.

Пазіраюць праз рыжае лісце
Позніх яблык крутыя ілбы.
На двары ўсё святлей і празрысцей…
Што ты страціў?
I што ты набыў?

Гэта вечныя нашы пытанні,
Сэрца стук
I антонавак стук.
Гэта нібы з жыццём развітанне:
Ты апошнюю бачыш вярсту.

Неяк вусцішна, грозна, журботна…
А найлепшая з хатніх навін:
Землякі з-пад Бягомля з балотаў
Мне прывезлі вядро журавін.

Я узяў невялікую жменю.
Божа мой,
Што за смак,
Што за сок!
Журавіны,
Маленства,
Здзіўленне…
Пачакай ты, магільны пясок.

Лістападу цякуць ручаіны,
Ты даўжэй з гэтым цудам пабудзь…
Хутка восень вятры і жанчыны
З падмарожаных сцежак зграбуць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Людзі лета з палеткаў пазвозілі - Пiмен Панчанка