Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як утаймуеш горкае ўздыханне

Як вясна прышла ў гаі,
Разбудзіла ручаі
І паклікала ізноў
Птушак з выраю дамоў.
Прыляцелі жаўрукі,
І зязюлі, і шпакі,
Качкі, чэпікі,
Раюцца,
Зь імі ластаўкі.
Прыляцелі журавы,
Буслы, кнігаўкі…
Дзе ты тут усіх
Пералічыш іх!
Прыляцелі, ў полі селі,
Зь вераб’ямі-забіякамі
Спрачаюцца:
– Мы пакінулі вас тут
Зімаваць, зімаваць;
Вас прасілі гаспадарку
Пільнаваць, даглядаць,
А вярнуліся назад, –
Непаладкаў шмат!..
Вераб’і на гэта толькі
У вадказ усім:
– Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым?!
– Дзе ні глянеш – збожжа столькі
У стагох, –
Гаварыў жаўрук усім,
– Было восеньню багатай
На палёх,
– Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым? –
– Я пакінула дубровы
Ў іх уборы каляровым,
А цяпер, – зязюля кажа, –
Трэба мне зноў у ляску
Ды на кажным на сучку
Будзіць лісьцікі: ку-ку!.. –
За зязюляй журавель
Кажа: – Я на поплаве
Шмат быў восеньню пакінуў
І брусьніц, і журавінаў,
А цяпер-жа, ля ракі
Ані ягадкі!..
– Гэта, пэўна, вераб’і, –
Кажуць ластаўкі, –
На палёх
І на лугох
Усё папсавалі
Перапілі, пераелі,
Пераласавалі… –
Вераб’і тут узлаваліся
Зусім:
– Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым, чым, чым?
Нам зімою цяжкавата
Тут было самім.
Чым-жа мы тут вінаваты,
Чым?!.
Невядома, колькі-б часу
Спрэчкі птушкі тут вялі,
Але ў гэты дзень із школы
Дзеці міма іх ішлі.
І яны сябром пярнатым
Расказалі ўсім:
– Вераб’і ня вінаваты
Тут ні ў чым,
Бо зялёны ліст дуброў
Сам асыпаўся далоў,
Збожжа з поля зьвезьлі людзі,
Ягады змарозіў студзень
Подыхам сваім.
Вераб’і-ж ня вінаваты
Тут ні ў чым!
Памагчы вам трэба можа, –
Вам ахвотна дапаможам.
Калі трэба – пачастуем,
Абаронім, павартуем.
Мы ў лясох, садох сягоньня
Ладзім гнёзды і шпакоўні,
Бо ўсе рады вам,
Дарагім сябрам…
І цяпер у нас заўсёды
У сям’і крылатай згода,
Луг зялёны – сенажаць,
Лес дрымучы, сад і поле,
Сініх рэк, азёр прывольле
Песьнямі птушынымі зьвіняць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Як утаймуеш горкае ўздыханне - Пятрусь Макаль