Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мабыць табе таксама часам здаецца

Мабыць табе таксама часам здаецца
што бог падобны да завуча школы
які ніколі не ставіць пяцёрак
аднойчы выклікае тваіх бацькоў да сябе
і хто ведае што ён ім там кажа
мабыць што ўсё не мела ніякага сэнсу
бо ты ніколі не скончыш жыццё
з чырвоным дыплёмам
мабыць нешта іншае
мабыць нават зусім зусім іншае
але бацькі пасля гэтака выкліку
ўжо ніколі не вяртаюцца да цябе
мабыць ад сораму
суседскі хлопчык кажа што яны памерлі
кажа паглядзі нават бітлз паміраюць
што там твае бацькі
іх ніхто акрамя цябе і ня ведаў
і ўсе іх песні напісаныя іншымі

А ты ўсё не верыш не спіш плачаш дома
плачаш сярод знаёмых і незнаёмых людзей на вуліцы
бо твае бацькі сышлі і саромеюцца да цябе вярнуцца

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Мабыць табе таксама часам здаецца - Вальжына Морт