Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кажуць, сёння на вершы – не мода

Кажуць, сёння на вершы – не мода.
Ды я надта аб тым не тужу.
Бо яны мне – выток асалоды
І гаючы бальзам на душу.

Удыхну рыфмаваныя словы,
У пачуццях чужых патану –
І крынічнымі гукамі мовы
Існаванне свае ахіну.

Раптам нешта ўнутры адзавецца,
Бы кранутая ўмела струна –
І напоўніцца радасцю сэрца:
Што такая вось я – не адна!

Нечый верш загучыць камертонам –
Супадзе нават выдых і ўдых:
Да адцення, ажно да паўтону
Адчуваем адно – удваіх!

Як цудоўна – такое сугучча!
Ўсё нутро напаўняючы ім,
Адчуваю, што смутак балючы
Адыходзіць, знікае зусім.

Так становіцца светла і лёгка:
Не турбуе ні роспач, ні жах
І душа ўваскрасае патроху
Дзеля новых радкоў на лістах…

25.11.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Кажуць, сёння на вершы – не мода - Таццяна Дзям'янава