Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я не паэта

Я не паэта, о крый мяне божа!
Не рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі – Янка Купала. Славу паэтаў разносяць па свеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама, з вёскі – Янка Купала! Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала. Доляй убогі, ён ціхі, нясмелы,
Бяда, яго маці, узгадавала,
Слёзы пагарды п’е толькі век цэлы,
От, ведама, просты Янка Купала. Песні пачаў пець той мовай убогай,
Якой пагарджаюць горка, нядбала,
Пэўна, і песняў счураюцца многа,
От, ведама, здумаў Янка Купала. Шчасце так рэдка над светам усходзе;
Ўсё ж досыць бывае меці хоць мала, –
Долю каб бачыў у родным народзе,
А быў бы шчаслівы Янка Купала. Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле,
Смерць скосе, глядзі – і больш крыжам стала;
Нехта спытае: хто ў гэтай магіле?
А надпіс пакажа: Янка Купала.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я не паэта - Янка Купала