Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯНКІ КУПАЛЫ

(7.07.1882-28.06.1942)

…Сябе забыць ці быць забытым?
Сябе забіць ці быць забітым
І ў лесвічны ляцець пралёт?
Прыстукі чорныя, як лёд,
Як лёс, які нас напаткаў…
Купала падаў і ўставаў,
І заставаўся, як наш свет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які даўно не беражом,
Не разумеючы– жывём
Мы толькі з ім і родны дом
Не будзе знішчаны агнём,
Ні часам, ні якой бядой,
І сум размыецца вадой,
Што з неба весняга пральецца,
І ўжо ніхто не пасмяецца
Над намі і над нашым краем,
Які ў нас быў, які мы маем
І будзем мець, як меў Купала.
Купала ёсць і нам нямала,
Каб быць, тутэйшае любіць,
Каб падаць і ўставаць, і жыць,
І заставацца, як наш свет,
Як той адвечны наш партрэт,
Які, нібыта Божы Храм,
Што звеку не належыць нам…

12.05.2002

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЯНКІ КУПАЛЫ - Віктар Шніп