Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове

Верш БАЛАДА СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ

(5.05.1819-4.06.1872)

Як ветразь, музыкай тваёй з аргана
Напоўнены касцёл Святога Яна,
І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве
Па золаце, па бруку, па траве,
Па Беларусі, у якой ёсць ты,

І трэскаюць паміж людзей ільды
Неразумення і слязамі з воч
Цякуць і асвятляюць дзень і ноч,
Як васількі, як зоркі, як бурштын.

Музыкаў многа, ты ж такі адзін,
І слухае цябе народ і Бог
І прад Еўропаю крыжы дарог
Ужо не рвуць тутэйшую душу
Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу,
Бо лепш, як тут, не будзе анідзе–
Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,
Бо толькі тут, як рыба-у вадзе,
У Беларусі Беларусь жыве,

Але ёсць слава, да якой і ты,
Як да агню матыль, ляціш заўжды,
І п’еш, як горкае віно, любоў.
Ды не знікае шлях у Менск дамоў,
Дзе музыка твая, як карані
Святога дрэва, што ўздымае дні
Краіны, што была і будзе ў нас,
У беларусаў на бясконцы час
Пакуль малітвай, музыкай святой
Тут поўніцца душа, каб быць жывой…

14.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ - Віктар Шніп