Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯЎХІМА КАРСКАГА

(20.12.1860-29.04.1931)

У словах беларускіх Беларусь жыве,
Як у жывой крыві-спрадвечны шлях людскі.
Па ім жыццё, як сонца праз сусвет, плыве
Сабой хвіліны шчасця, горычы вякі
Нітуючы ў адзіны шлях, дзе нават Бог
Не здольны анічога ўжо змяніць, бо шлях-
Мінулае, і тое, што ты не збярог
Ніхто не верне са слязамі на вачах
Ад радасці, што ён жыццё вяртае нам…
І не самотны ты, бо Беларусь з табой
У кожным беларускім слове, што, як Храм,
Напоўнена святлом, малітваю святой
За Беларусь, за беларусаў, для якіх
Ты хочаш вольнага жыцця, бо мы-народ,
Бо беларусы мы і нас мільёны ўсіх,
І нашая зямля-не ў акіяне лёд,
Які расстане і змішаецца з вадой.
Зямля-не лёд і ёй не быць для нас чужой
Пакуль тут мова наша родная жыве,
Як і ў людской крыві-спрадвечны шлях
людскі,
Дзе Беларусь, як белы карабель, плыве
Праз хвалі дзён і туманоў вякі…

6.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ЯЎХІМА КАРСКАГА - Віктар Шніп