Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш БАЛАДА ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА

(10.07.1900-1.11.1984)

Мастак-нявольнік вечнай прыгажосці,
Якому аж да смерці без спачыну
Не маляваць партрэты для кагосьці,
А ратаваць славутую Айчыну
Ад той самоты, што людзям не сніцца,
А не дае табе спакойна жыць,
І век табе на родны край маліцца,
Які даўно распяты на крыжы
Дарог Еўропы, па якіх агнёва
Хадзілі заваёўнікі ніраз,
Ды Беларусь жыве, жыве і мова,
Яна, як наша кроў, заўсёды ў нас.
І да цябе, да віленскай майстэрні,
Прыходзяць, як да Храма, мастакі
І прыгажосці беларускай зерне
Ты ў сэрцы рассяваеш на вякі,
І прыгажосць у людзях прарастае,
Якія любяць не сябе, Айчыну.
Айчына не прыгожай не бывае.
Яе любіць да смерці без спачыну.
І ты малюеш, што душа жадае,
За што табе не плацяць ні граша.
Малюеш і душа твая спявае
І плача беларуская душа.

4.10.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА - Віктар Шніп