Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВАСІЛЯ БЫКАВА

(19.06.1924-22.06.2003)

Ён вярнуўся дамоў, каб памерці,
Як спазнаныя словы сказаць,
Што няма і не будзе нам смерці
І нятрэба па ім сумаваць,
Як па хмарах дажджы не сумуюць,
А ідуць, нібы вечнасць, дажджы,
За якімі ўсе душы начуюць
Покуль мы не адчуем душы
У сваім аграхоўленым целе,
Што як сон, да якога ісці
Па дарозе не ўсім зразумелай,
Як агню– па апалым лісці…
Ён вярнуўся дамоў, каб не ўмерці,
Як вяртаюцца ў неба дажджы,
Бо няма нараджэння і смерці,
Як Хрыста ўжо няма на крыжы…

11.06.2003

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ВАСІЛЯ БЫКАВА - Віктар Шніп