Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА СЫМОНА КАНАРСКАГА

(17.03.1808-11.03.1839)

Сонца сакавіцкае крывава
З вечаровых выплыла снягоў.
Ранішняя Вільня пахне кавай,
Як паненка, што ідзе дамоў
З вечарынкі, што гула да рання.
І паненцы тут не зразумець,
Для чаго патрэбнае паўстанне.
За паўстанне ты ідзеш на смерць,
Малады, прыгожы і разумны,
З прагаю да волі і жыцця.
Звон звініць на Храме сумна-сумна,
І галосіць на руках дзіця
У жанчыны, што цябе cпаткала.
Ты ўсміхнуўся і далей пайшоў
Па дарозе, што ўжо вузкай стала
І апошняй, дзе пральецца кроў
Вінная твая, бо тут віною
Прад чужынцам ёсць і будзе тут–
Родны кут любіць усёй душою,
Не здаваць чужынцам родны кут…

…І паболее крыві на сонцы,
І растануць у крыві снягі,
Дзе твой шлях змагарны не бясконцы
І не бачны шлях пакуль другі…

9.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА СЫМОНА КАНАРСКАГА - Віктар Шніп