Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ПФЛЯЎМБАЎМ

(1.11.1908–13.01.1996)

За мужам у Сібір… А для чаго? Ці трэба?
Пытанні, нібы снег, ля сэрца растаюць.
А над табою чорнае, як воран, неба,
І ўдзень, і ўночы сумна плачуць і пяюць
Ваўкі і людзі, і таму навошта вершы
Пра родны край, якога ў нас амаль няма,
Але ўсё ж да яго праз вершы ўсё ідзеш ты
І прыйдзеш, бо задушыцца крывёй зіма…

…І будзеш з мужам ты, нібыта за сцяною
Схаваная, хаваючы ў сваёй душы
Жаданне грэшнае: не толькі быць жаною,
А быць паэткаю, распятай на крыжы
Паэзіі, якая вечнасць не шукае,
Ды застаецца вечнаю, як гэты свет,
Дзе, нават паміраючы, не памірае,–
Пакутуе ў сваёй паэзіі паэт…

…І пішаш верш, хаваючы, як грэх, ад мужа,
Пра родны край, які ў нас ёсць, дзе ты
жывеш,
І белая папера прад табой, як сцюжа,
І пралятае праз яе, як куля, верш…

28.06.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ПФЛЯЎМБАЎМ - Віктар Шніп