Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ТРУХАНА

(18.08.1947-20.03.1999)

На сцэну выйсці і на ёй застацца,
Як застаюцца зоры над зямлёй,
Каб разам з намі плакаць і смяяцца,
І падаць на дарогу прад сабой,
Нібы на вогнішча, якое гіне
У цемры, дзе вятры, снягі, дажджы…
Жывём-пакуль патрэбныя Айчыне,
Айчына ж вечная, як і глыжы
На тых грудах, дзе нашы спяць героі
Забытыя, якія ўсё ж-былі,
Як-на абрыве залатыя хвоі,
Што падалі ў раку і ў свет плылі,
Каб расказаць аб Беларусі далям…
І ты на сцэну выйшаў, каб сказаць,
Што Беларусь-не край балот і жалю,
А край любові светлай, як сляза
Каханай над магілай інсургента,
З крыві якога пачаліся мы
Не для таго, каб век па свеце швэндаць,
А-берагчы бацькоўскія дамы
І слова роднае, што тут спрадвеку
Было і будзе тут пакуль жывём
І зоры адлюстроўваюцца ў рэках,
Бо зоры нашым поўняцца святлом,
Як вочы беларускія анёлаў,
Што ў нашы душы праз вякі глядзяць
І бачаць наша маладое Ўчора
І наша Заўтра, дзе не сумаваць…

5.7.01.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ТРУХАНА - Віктар Шніп