Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВАЛЕРЫЯ МАРАКОВА

(27.03.1909–29.10.1937)

Не вярнуцца дахаты паэту,
Як і зорцы, што ўпала, у неба
Не вярнуцца з крывавае Леты,
Дзе паэтам нічога не трэба.
І няма на Айчыне прарока.
Ёсць чырвонае лісце, як кроў.
Тут да смерці сягоння– паўкрока,
І, як зорка за хмарай,– любоў.

Ты глядзіш на турэмныя сцены,
Як на ноч, што ваўчэе штоміг,
Дзе счарнелыя краты, як вены
На руках у забойцаў тваіх.

Але верыш ты ў светлае ранне,
Як у Бога, што помніць пра нас.
І яно ў нашы хаты загляне,
Хоць, як сонца, далёка наш час.

Ты на неба глядзіш, там не зоры,
А там кроў, як на столі турэмнай.
І твой крык толькі рэха паўторыць
І схаваецца ў цемры падземнай,
І травой прарасце праз каменне,
І ажывіцца ў сэрцах людскіх:
“Не паставіць народ на калені
Нат забіўшы паэтаў усіх!”

31.10–4.11.2007

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ВАЛЕРЫЯ МАРАКОВА - Віктар Шніп